«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выходзіла з 15(27). 11.1898 да 29.11(12.12). 1905 у Вільні на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася кансерватыўна-асв., у 1905 памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нац. і рэліг. прымірэння. Беларусь лічыла «рускім краем», не прызнавала існавання бел. нацыі. Пад уплывам рэв. руху крытыкавала непаслядоўнасць дэмакр. рэформ у Расіі. Друкавала навук.-папулярныя нарысы пра дасягненні навукі, артыкулы па краязнаўстве, этнаграфіі, геаграфіі, медыцыне, літ.-крытычныя агляды, рэцэнзіі, інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў краі. У перакладзе на рус. мову змяшчала творы польскіх, франц., ням. пісьменнікаў, нарысы пра творчасць М.Гогаля, І.Тургенева, Ф.Дастаеўскага, М.Някрасава і інш., адзначала папулярнасць і талент М.Горкага, у ліберальна-бурж. адаптацыі падавала думкі В.Бялінскага, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага. Друкавала агляды віленскіх маст. выставак, падрыхтаваныя прапагандыстам сімвалізму Г.Каспяровічам. Публікавала творы Д.Бохана, у т. л. пераклад польскага верша Я.Лучыны «На могілках», нарыс пра творчасць У.Сыракомлі. Змясціла некралог «Ф.К.Багушэвіч» і арт. М.Радзіна «Памяці Ф.К.Багушэвіча», характарызавала яго як адваката і гуманнага чалавека.
У.М.Конан.
т. 14, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)